Show notes
Гераіня новага выпуску ТОК – вядомая актрыса Святлана Зелянкоўская. У 2003 годзе, пасля выхаду беларускага фільма «Анастасія Слуцкая», Святлана прачнулася знакамітай. Але мала хто ведае, што хутка пасля прэм’еры маладая смелая актрыса трапіла ў апалу, калі спачатку адмовілася дарыць кветкі Лукашэнку, а пасля выступіла ў падтрымку беларускай мовы.
17 гадоў Святлана аддала Купалаўскаму тэатру, дзе была зоркай. Аднак у 2016 годзе, калі актрыса пераехала ў Кіеў услед за мужам Сяргеем Міхалком, яе жыццё крута змянілася. Мы сустрэліся са Святланай у Варшаве, дзе яна сёння жыве з дачкой. Іх шляхі з Міхалком разышліся, цяпер кожны ідзе сваёй дарогай. Пра каханне і расстанне, пра сям’ю і дзяцей, пра маці, якая аддавала Святлане ўсю сябе, і бацьку, якога ўпершыню пабачыла ў 26 гадоў. Пра Украіну, здымкі і заробкі, паездку на лімузіне па ранішнім Мінску, якую падарылі купалаўцы, і многае іншае — у вялікім інтэрв’ю ТОК.


