Show notes
Аўтара ютуб-канала «Народны рэпарцёр» Сяргея Пятрухіна ў Брэсце ведае кожны сабака. Разам з блогерам Аляксандрам Кабанавым яны прымушалі брэсцкіх чыноўнікаў і міліцыянтаў варушыцца і вырашаць праблемы, за што не раз траплялі за краты. У 2020-м, за два месяцы да выбараў, іх абодвух затрымалі па крыміналцы і ў кастрычніку 2021-га асудзілі на тры гады зняволення. Кабанава накіравалі ў Наваполацкую калонію, у якой найгоршая рэпутацыя і бесчалавечныя ўмовы ўтрымання зняволеных. Пятрухіну пашанцавала больш: яго адправілі ў Віцебск, у калонію «Віцьба», дзе ўтрымліваюцца былыя сілавікі, суддзі, чыноўнікі і бізнэсоўцы.У вялікай гутарцы ТОК Сяргей Пятрухін распавядае пра вядомых сядзельцаў гэтай калоніі, у тым ліку экс-кіраўніка службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Уцюрына і экс-суддзю і карупцыянера Магамеда Умарава, палітвязняў Максіма Знака і Максіма Вінярскага. Згадвае ўскрыццё вен і адпраўку ў карцар, дзе страціў адразу 10 кілаграмаў. Кажа пра сваё бунтарства, якое прывяло да здзелкі з начальствам калоніі. Але Пятрухін не заўжды быў у апазіцыі. Ён тлумачыць, чаму ў 1994-м галасаваў за Лукашэнку, называе сябе ранейшага звычайным ватнікам і апісвае складаныя адносіны з сям’ёй, якая не падзяляе ягоныя погляды.



